ПОМНІКІ, УКЛЮЧАННЫЯ Ў ДЗЯРЖАЎНЫ СПІС ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Гісторыка-культурная спадчына Свіслацкага раёна ўяўляе сабой духоўны, культурны і сацыяльны капітал унікальнай каштоўнасці. Яна мае сваю непаўторнасць і свае асабістыя рысы, з’яўляецца прадметам  нашага гонару.

У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь ад Свіслацкага раёна прадстаўлены  23 гісторыка-культурных каштоўнасці, у склад якіх уключаны 29 аб’ектаў. Сярод іх 5 помнікаў архітэктуры (2 катэгорыі каштоўнасцей).

Храмавая архітэктура прадстаўлена  рознымі стылямі і накірункамі.

Так, касцёл Святога Міхаіла Арханёла 1825 – 1828 г.г. у г.п.Поразава – гэта класіцызм, Фрагменты былога касцёла пабудаваны ў 1792 г. у в  Грынявічы ў стылі барока. Царква Успення Прасвятой Багародзіцы пабудаваная ў 1840 годзе  помнік народнага дойлідства.

Цікавымі гісторыка-культурнымі куштоўнасцямі з’яўляюцца “Комплекс былой сядзібы: сядзібны дом, парк” сярэдзіны  XIX ст. у г.п.Поразава, “Фрагменты былой сядзібы” XIX ст. у в.Вердамічы, “Будынак былой гімназіі” 1827 г. у г.Свіслач.

Сярод помнікаў археалогіі вылучаюцца: “Стаянкі перыяда каменнага і бронзавага вякоў, пасяленні перыяда сярэднявечча” у в Грыцкі, “Каменныя могільнікі” у в Вялікая Свянціца, ва урочышчы Чырвоны Гай, “Камень следавік перыяду бронзавага века” за 300 м на поўнач ад г.п.Поразава. Усяго ў раёна 11 помнікаў археалогіі  3 катэгорыі каштоўнасцей.

Гісторыка-культырнымі каштоўнасцямі з’яўляецца “Брацкая магіла” у в.Ханявічы, “Брацкая магіла” у в.Новы Двор, “Брацкая магіла” у г.п.Поразава, “Брацкая магіла” на паўднёвы-захад ад пасёлка г.п.Поразава,  “Брацкая магіла” у г.Свіслач (3 катэгорыя каштоўнасцей).

Помнік К.Каліноўскаму работа З.Азгура 1958 г. з’яўляецца   помнікам гісторыі 2 катэгорыі каштоўнасцей і таксама ўнесены у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Будынак былой гімназіі, г.Свіслач

Помнік архітэктуры. Прамавугольны ў плане аднапавярховы будынак, накрыты двухсхільным дахам. Заходні тарцовы фасад аформлены каланадай дарычнага ордэра з атыкам. Два ўваходы на бакавым фасадзе завершаны ў выглядзе порцікаў з дзвюма парамі квадратных у сячэнні слупоў. Унутраная планіроўка і дэкор інтэр’ера не захаваліся. У цяперашні час тут размяшчаецца дзіцячае аддзяленне УАЗ “Свіслацкая цэнтральная раённая бальніца”

  

Брацкая магіла, г.Свіслач

У цэнтры г.Свіслач па вул. 17 Верасня знаходзіцца брацкая магіла. Па свайму тыпу належыць да помнікаў гісторыі. На магіле ўстаноўлены помнік – фігура салдата з карабінам ля трохграннай стэлы на пастаменце з мемарыяльнай дошкай. Выраблены з бетона, агароджаны металічнымі ланцугамі. Пахавана 398 воінаў 190-га стралковага палка 5-й стралковай дывізіі 3-й арміі 2-га Беларускага фронту, а таксама воіны 336-га стралковага палка і партызан, якія загінулі пры вызваленні пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод пахаваных - Герой Савецкага Саюза Мікалай Паўлавіч Масонаў.

Помнік К.Каліноўскаму, г.Свіслач

 

Гісторыка-культурная каштоўнасць, помнік гісторыі. Па вул. Леніна ў г.Свіслач у 1958 г. устаноўлены помнік Кастусю (Канстанціну Вікенцію Сямёнавічу) Каліноўскаму. Работа вядомага беларускага скульптара Заіра Азгура, бронза; вышыня бюста 1,05 м, пастамента 3 м.

Пагрудны бюст К.Каліноўскага пастаўлены на высокім пастаменце пірамідальнай формы. Стрыманы парыў, гордая незалежнасць, духоўная актыўнасць героя перададзены ў павароце галавы, смелым позірку, у рысах твару. Кампазіцыя бюста ажыўлена рухам рукі, якая трымаецца за штрыфель фрака. Стараная прапрацоўка форм, дэталей касцюма (фрак, шырокі гальштук) надае вобліку жыццёвую канкрэтнасць і верагоднасць.

Брацкая магіла, в.Ханявічы

У в.Ханявічы па вул.Школьная знаходзіцца брацкая магіла. Помнік гісторыі – скульптурная кампазіцыя "Воін і партызанка". Пахаваны 75 воінаў і адзін партызан, што загінулі ў ліпені 1944 г. у баях за вызваленне Свіслацкага раёна ад нямецка-фашыстскіх захопнікаў, а таксама мірныя жыхары вёскі, растраляныя ў 12.7.1941г. нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Фрагменты былой сядзібы Талочкаў, в.Вердамічы

Помнік архітэктуры, знаходзіцца у в.Вердамічы. Комплекс збудаваны ў XIX ст. на землях, набытых Юльянам Эдуардавічам Талочкам, упершыню маёнтак пазначаны як маёмасць Талочкаў у 1817 г. Будынак не захаваўся. У 1840 г. пры маёнтку заснаваны спиртзавод, які базіраваўся на старым бровары. У 1862 г. галоўны вытворчы будынак быў аднапавярховы, мураваны. У 1905 г. з паўночна-усходняга боку да старога будынка прыбудоўваецца двухпавярховая частка. Паўночна-ўсходні фасад спіртзавода з’яўляецца ўнікальным прыкладам прамысловай архітэктуры канца XIX – пачатку XX ст. Захаваўся ў паўразбураным стане.

Касцёл былога кляштара францысканцаў з фрагментамі агароджы, в.Грынявічы

 

Касцёл пабудаваны з цэглы пры кляштары францысканцаў. У 1832 г. перароблены пад праваслаўную царкву і перабудаваны. Храм трохнефавы, базілікальны, з бязвежавым фасадам і прамавугольнай апсідай. Накрыты пакатым (раней высокім) двухсхільным дахам. Крывалінейны галоўны фасад трох’ярусны, дэкарыраваны карнізнымі паячамі, спаранымі пілястрамі і завершаны фігурным франтонам. Дзверы галоўнага ўвахода з каванымі фігурнымі накладкамі.Інтэр’ер меў выцягнутую па падоўжнай восі кампазіцыю. Галоўны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з люнетамі, бакавыя – плоскія з драўлянымі перакрыццямі. Над уваходам размяшчаны хоры. Сцены расчлянёны спаранымі пілястрамі і шырокім карнізным поясам. Захаваўся ў паўразбураным стане, зберагліся фрагменты мураванай агароджы і брама XVIIIст.

Міхайлаўскі касцёл: скульптура і дэкаратыўнае аздабленне інтэр’ера, звон з гравіраванымі рэльефамі, гп.Поразава

Помнік архітэктуры позняга класіцызму. Касцёл пабудаваны ў 1825 – 1828 гг. Прамавугольны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад завяршаны трохвугольным франтонам з галоўкай. Сцены складзены з часанага каменю. Пілястры на фасадах, прамавугольныя абрамленні аконных праёмаў, фрыз, карніз, франтон галоўнага фасада цагляныя, атынкаваныя, Інтэр’ер зальны, столь плоская, драўляная. Уздоўж заходняй сцяны – хоры. Разныя алтары, кафедра, паліхромная драўляная скульптура (XVIII ст.) – характэрныя ўзоры народнага манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. У надбрамнай званіцы – звон з сюжэтнай гравіроўкай, адліты ў 1749г. У цяперашні час касцёл дзейнічае.

Комплекс былой сядзібы: сядзібны дом; парк г.п. Поразава


Прамавугольны ў  плане будынак з драўлянага бруса на падмурку, накрыты высокім ламаным дахам. Сцены звонку ашаляваныя, унутры атынкаваныя. Вокны прамавугольныя. Тры рэзаліты (над сярэднім мансарда) вылучаны на галоўным фасадзе прамавугольнымі выступамі, з боку парку – гранёнымі эркерамі з ламанымі дахамі. Тарцы дома фланкіраваны двухпавярховымі вежападобнымі алькежамі, завершанымі шатровымі дахамі.Цэнтральны ўваход аформлены ганкам на чатырох слупах. У аздобе фасадаў выкарыстана разьба (балясіны, валюты, ліштвы). Планіроўка дома калідорная Перад галоўным фасадам круглы партэр. За домам – парк рэгулярнай планіроўкі з сістэмай узаемна перпендыкулярных алей. Парадная частка мае сіметрычна-восевую пабудову. На восі размешчана шырокая (10 м.) уязная ліпавая алея. За дрэвамі адкрываецца адкрываецца партэр сядзібным домам.

Царква Успення Прасвятой Багародзіцы в.Дабраволя

Царкава пабудавана ў 1840 годзе ў цэтры вёскі Дабраволя з дрэва, трохзрубная, на падмурку Помнік драўлянага дойлідства. Цэнтральны кубападобны зруб накрыты шатровым дахам, завершаным цыбулепадобнай галоўкай на 8-гранным барабане. Па падоўжнай восі далучаны квадратныя пад 2-схільнымі пакрыццямі аднолькавыя па габарытах прытвор і апсіда. Сцены ашаляваны гарызантальна. У дэкаратыўнай аздобе выкарыстаны разныя фрызы, падзоры, ліштвы аконных праёмаў і дзвярэй.

Брацкая магіла г.п. Поразава

Па вуліцы 1 Мая, у скверы г.п.Поразава размяшчаецца брацкая магіла, устаноўленая ў 1960г.

Помнік гісторыі – фігура маці з сынам на пастаменце з мемарыяльнай дошкай і барэльефам ў ніжняй частцы помніка.

Брацкая магіла г.п. Поразава

На паўднёвы захад ад пасёлка Поразава пахаваны 123 воіны 3 партызаны, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Сярод пахаваных – воіны 391-га і 442-га палкоў Рэчыцкай стралковай дывізіі 48-ай арміі 1-га Беларускага фронту, якія ўдзельнічалі ў баях за вызваленне Поразава і Свіслацкага раёна. У 1957 г. на магіле пастаўлены абеліск.

Каменныя магілы перыяду сярэднявечча (XIV – XVI стагоддзі)

У в.Вілейшы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000473 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размешчаны за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, за 180 м на поўнач ад геадэзічнага знака (геаграфічныя каардынаты знака – даўг. 52˚.59΄.27΄΄.190.; шыр. - 24˚.17΄.49΄΄.203.).

Тэрыторыя помніка – 1800 м2. Паўднёва-усходняя мяжа помніка пачынаецца за 180 м на поўнач ад геадэзічнага знака, шырыня помніка (на захад) складае 30 м, даўжыня (на поўнач) – 60 м. Помнік размешчаны ў лесе на прыродным узвышшы, а таксама на схіле і ў яго падножжа.

Каменны могільнік

У в.Вялікая Свянціца Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000474 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размешчаны ва ўрочышчы Чырвоны Гай.

Тэрыторыя могільніка – 8085 м2. Могільнік размешчаны на высокім прыродным узвышшы за 180 м на паўднёвы ўсход ад царквы. Могільнік па перыметры акружаны ровам – гэта штучна зробленая мяжа з’яўляецца мяжой зоны аховы культурнага слоя і адначасова ахоўнай зонай помніка.

Селішча перыяду сярэднявечча (XII – XVII стагоддзі)

У в.Качкі Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000477, у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размешчана на паўночнай ускраіне вёскі.

Тэрыторыя селішча – 120000 м2. Помнік лакалізаваны на паўночнай ускраіне вёскі. Яго паўночнай мяжой з’яўляецца грунтовая дарога каля левага берага р. Калонкі. Усходняя мяжа знаходзіцца за 500 м ад маста праз раку, заходняя – за 250 м ад маста праз раку, паўднёва-усходняя мяжа супадае з лініяй агародаў, паўднёвая – падымаецца на ўзвышша і даходзіць да прыватных участкаў, паўднёва-заходняя мяжа знаходзіцца на адлегласці да 60 м ад дарогі з в. Гаркаўшчына ў в. Качкі.

Каменныя магілы перыяду позняга сярэднявечча (XIV – XVIII стагоддзі)

На ўсходняй ускраіне вёскі Палуянкі Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000479 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размешчаны на ўсходняй ускраіне вёскі

Тэрыторыя могільніка – 2420 м2. Могільнік размешчаны на ўскрайку высокага марэннага ўзвышша. Натуральнымі межамі помніка з’яўляюцца схілы ўзвышша з паўднёвага, усходняга і паўночнага бакоў. Акрамя таго, паўднёвая мяжа помніка праходзіць па мяжы кар’ера. Заходняя мяжа гісторыка-культурнай каштоўнасці знаходзіцца на адлегласці 55 м ад пачатку ўзвышша.

Каменныя магілы (XIV – XVI стагоддзі)

У в.Студзенікі Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000488 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размешчаны на ўсходняй ускраіне вёскі.

Тэрыторыя могільнніка – 2761 м2.

Могільнік размешчаны на невысокім пагорку. Схілы пагорка з паўночна-усходняга, паўночнага і паўночна-заходняга бакоў з’яўляюцца натуральнымі межамі могільніка. З паўднёва-заходняга боку тэрыторыя могільніка абмежавана кар’ерам (які знішчыў частку гісторыка-культурнай каштоўнасці).

Гарадзішча (X – XIII стагоддзі)

У в.Хрустава Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000488 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размешчана за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі.

Тэрыторыя гарадзішча – 680 м2. Гісторыка-культурная каштоўнасць займае паўночную мысавую частку марэннага ўзвышша, ад працягу якой яно адрэзана ровам шырынёй больш 20 м. Пляцоўка гарадзішча авальнай формы памерамі 40 х 17 м, выцягнута з поўначы на поўдзень.

Каменны могільнік (XIV – XV стагоддзі)

У в.Ятвеск Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000491 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размешчаны за 1,2 км на поўнач ад вёскі.

Тэрыторыя могільніка – 3823,75 м2. Межы гісторыка-культурнай каштоўнасці: усходняя мяжа – грунтовая дарога ўздоўж поля, паўднёвая – па лініі нежылога дома; заходняя – на адлегласці 5-25 м ад дарогі да царквы, паўночная – мяжа прыватнай гаспадаркі.

Стаянкі перыяду каменнага і бронзавага вякоў, селішчы перыяду сярэднявечча (XIV–XVIII стст.)

Каля в. Грыцкі (Грыцкі 1/2 і Грыцкі 3) Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнікі археалогіі, з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000476 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) – гэта шматкультурны і розначасовы археалагічны комплекс, які складаецца з:

Стаянка і селішча Грыцкі 1/2 размешчана праз 0,25 км амаль на поўнач і 0,5-0,7 км на паўночны-ўсход ад паўночнай ускраіны вёскі (крайняй паўночнай хаты на дарозе Свіслач-Поразава), праз 0,1-0,5 км на паўночны-ўсход і ўсход ад маста праз р. Свіслач на пясчаных павышэннях правага берага ракі.

Тэрыторыя помніка – 80000 кв.м. Заходняй мяжой помніка з’яўляецца асфальтавая дарога Свіслач-Поразава. З паўднёвага боку ён абмежаваны забалочаным руслам ракі, з паўночнага – межамі пясчаных павышэнняў. Асноўная плошча знаходак прыпадае на тэрыторыю паміж дарогай і дзвюма меліярацыйнымі каналамі і дасягае памераў каля 200х400м (з Пн на Пд і З на У).

Стаянка і селішча Грыцкі 3

Размешчана на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі, якая выцягнута з паўночнага-захаду на паўднёвы-усход уздоўж русла р. Свіслач, праз 0,05 км на паўднёвы-ўсход ад маста на дарозе Свіслач-Поразава, на пясчаных павышэннях левага берага ракі.

Заходняй мяжой помніка з’яўляецца асфальтавая дарога Свіслач-Поразава. З паўночнага боку ён абмежаваны забалочаным руслам ракі, з паўднёвага і паўднёва-ўсходняга – агародамі і гаспадарчымі пабудовамі вёскі. Асноўная канцэнтрацыя знаходак прыпадае на плошчу 200х300 м (з Пн на Пд і З на У). Тэрыторыя помніка – 60000 кв.м.

Камень-следавік перыяду бронзавага веку г.п.Поразава, за 300 м на поўнач ад г.п. Поразава, пры дарозе Ваўкавыск - Поразава. 

Стаянка перыяду каменнага і бронзавага вякоў, селішча перыяду сярэднявечча

Каля в. Ранявічы (Ранявічы 1) Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000486 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размяшчаецца праз 0,1 км на поўдзень і паўднёвы-ўсход ад вёскі, 0,2 км на паўднёвы-захад ад маста праз раку на асфальтавай дарозе, на павышэннях левага берага р. Свіслач. 

Тэрыторыя помніка – 25000 кв.м. Помнік выцягнуты ўздоўж цячэння ракі па лініі ПнЗ–ПдУ на 0,25 км, а з ПдЗ на ПнУ на 0,1 км. Ён абмежаваны з паўночнага боку асфальтавай дарогай, з усходняга - палявой дарогай да хутара і руслам ракі. Заходняя і паўднёвая мяжа помніка вызначаюцца па канцэнтрацыі знаходак, якія заканчваюцца на вяршыні пагорка за лініяй электраперадач.

Стаянка перыяду каменнага і бронзавага вякоў, селішча перыяду сярэднявечча

Каля в. Ражкі (Ражкі 1) Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці (помнік археалогіі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі “3”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 413В000485 у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578) размяшчаецца праз 1,3-1,9 км на паўночны-захад-захад ад заходняй ускраіны в. Ражкі, праз 0,35-0,4 км на поўдзень і паўднёвы-усход ад маста на грунтовай дарозе Ражкі-Грыцавічы, праз 0,2 км ад дарогі ў напрамку да русла ракі, на правым і левым берагах р. Свіслач.

Тэрыторыя помніка – ад 35000 да 80000 кв.м. Помнік выцягнуты ўздоўж цячэння р. Свіслач па лініі ПнЗ–ПдУ да 0,35-0,4 км, а з ПдЗ на ПнУ да 0,1-0,2 км. Асноўная канцэнтрацыя знаходак на правабярэжжы прыпадае на павышаны ўчастак паміж дзвюмя меліярацыйнымі каналамі і займае плошчу каля 100х350 м. Тут межы помніка абмежаваны прыроднымі контурамі павышэння і забалочаным руслам ракі. На левабярэжжы р. Свіслач на працягу 40 м у агаленнях берага сустракаецца значная колькасць ганчарнай керамікі і прасочваецца культурны пласт магутнасцю да 0,3 м.

     

   

Яндекс.Метрика